UR.ANUS
Шляхам жыцьця
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

Песьня Званара

На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ, Толькі птушка-арол дзе садзіцца, Там збудую, ўзьвяду, нізі ўсёй на віду, Мураваную вежу-званіцу I завешу я звон, з усіх чутны старон — Раўня голас і віхру, і грому. Як пушчу яго ў ход, склічу ў міг карагод, Ні адзін не заседзіцца дома! Разгудзіцца мой звон ад акон да акон, Душы збудзіць, па сэрцах удара, Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц, Заварушацца яры, папары. На ной кліч вечавы хто жывы, чуць жывы, Пад гарою касой загамоне. Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу На прывольле, на ўродныя гоні! За гарой за другой дам жывы вадапой, Жыватворнае кожнаму зельле; На нязьлічаны час па нягодах папас Усім тым, што цярпяць і цярпелі. Гэткі будзе мой клік — і магуч, і вялік, А ня трапіць ён к душам прыспаным, — Вызву гром, перуны — хай памогуць яны Развагніць, затрасьці ўсе паляны. Стогне бура грымот. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам, Арол-птушка ўскрыліцца пад небам. А навокал гары задымяць сьцежары, Груганамі ўскалышуцца вербы… • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • I вясна, і зіма. Быў званар — і няма. Ціха, ціха на белым прасторы. Толькі жыў нежывы звону гул вечавы, Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры. Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат, Помніць звон, а сястрыца — званіцу. Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ, Казкі-байкі ліюцца крыніцай. Як у прошчу па лек стане йсьці чалавек К мохам высланай крушні каменьня, — Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок — Будуць несьці падмогу ў цярпеньні. Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном Сьпіць мая галава маладая. Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет Адно толькі на зломе ўзрастае!

*** Не уздыхай…

Не ўздыхай, не бядуй, брат замучаны мой! I жыцьця не кляні, не кляні! Думу-песьню запей, стань адважнай ступой, Яшчэ раз не засьні, не засьні! Хоць за хмараю хмара плыве чарадой, Сільней хмар — гэта сонца вагні. I ты, брат, не бядуй, рвіся к сонцу душой, Яшчэ раз не засьні, не засьні! Болей крыжам адным — гэта цень прад зарой, А там лепшыя новыя дні! Дык ня плач жа, брат мой, запей песьню са мной! Яшчэ раз не засьні!

*** Не пужайся…

Не пужайся, што здрадные хмары Неба ўслалі с канца да канца, Што свае цемната ўнесла чары, Закружыўся груган над папарам: Ешчэ прыдзе весна! Не пужайся, што лісць пажаўцелы Лес скідае с канца да канца, Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы, Прашмыгне толькі заяц нясьмелы: Ешчэ прыдзе весна. Не пужайся, што бедная ніва Апусьцела с канца да канца, Што мужыцкай рукой нешчасьлівай Неужоннае скончэна жніва: Ешчэ прыдзе весна. Не пужайся, што вольные сілы Ў путах дрэмлюць с канца да канца, Што насільства ўсю праўду здушыла, Што сьмерць густа капае магілы: Ешчэ прыдзе весна, Ешчэ прыдзе!..

Гэй, наперад…

Гэй, наперад, покі сэрца Б’ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы; Гэй, да сонца! гэй, да зор! Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той сьвет без пары; Сёньня ў нашай моцы гора, Мы — жыцьця гаспадары! Думка ў думку, дружна, сьмела Усе наперад грамадой! Кожны ведай сваё дзела, Знай, за праўду крэпка стой! К новай долі шлях нам ляжа, Як на небе Млечны Шлях, Слова, дум ніхто ня зьвяжа, Жыць, цярпець ня будзе страх! І ня стане больш пакуса Першых-лепшых збоку браць, Славяніна-беларуса Вечна ў лапці абуваць. Дык наперад, покі сэрца Б’ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы! Гэй, да сонца! гэй, да зор!

*** За праўду…

За праўду, за шчасце, за лепшую долю Вазьміся, мой дружа, пастой! У крыўду ня дайся, свайго дабівайся. Адвага хай будзе з табой! Хай горкія сьлёзы, што ў сьпёкі, ў марозы Ліюцца на беднай зямлі, Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці І ў сэрцы распаляць агні. Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, Хоць страшна замучаны ты, За добрую справу, за шчасьце і славу Душу вырывай зь цемнаты. Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі — Мы злучаны думкай аднэй; Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе, Палічаць і нас за людзей. Дык жыва ж к пачатку — ня час спаць у шапку, Валяцца, як чэрві ў траве; Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе Збудзіўся і к праўдзе заве!..

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая; Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора, Ў вялікае мора людскога жыцьця. I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне Як лісьцем віхура, так ім скалыхне, Так ім закалоціць, аж выклікне песьню… Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне. Запеўшы пахвалай нязьведанай далі, К вядомай павернецца долі людской; Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі, Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой! На небе свабода, сьвятло і прывольле, — А думцы замала: няма там людзей; Людзей на зямельцы спаткае даволі, Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей… I так безупынку, то к небу — дзе зоры, Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая; То скоціцца ў мора, ў вялікае мора Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.

Мой дом

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі, Арламі мераны абшар, Дзе бітвы точаць ветраў хвалі Зь сям’ёй глухіх калматых хмар.
*
Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон, Дзе сьмех русалчын, лесуновы Палошыць вечна-цяглы сон.
*
Мой дом — пясчаныя разлогі, Пакута сьцюжы і сьпякот, Дзе ў скібах лад вядуць нарогі, Аздобай цьвет — чырвоны пот.
*
Мой дом — узьмежных зёлак восьці, З сухой асінаю курган, Дзе тлеюць прадзедавы косьці, Дзе плача ночка ды туман.

Як я полем іду…

Як я полем іду, гнецца колас ка мне, Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду; Колас чуе усё ў зачарованым сьне, — Колас гнецца ка мне, як я полем іду. Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног, Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду; Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных зьнямог, — Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду. Як я лесам іду, зважна думкі сную, Аглядаю сьвятую дубоў грамаду; Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю, Зважна думкі сную, як я лесам іду. Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце; Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду; Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце, — Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid